З'явіцца адзіная база людзей, нязгодных з трансплантацыяй органаў

Папраўкі прадугледжваюць стварэнне адзінай базы дадзеных людзей, нязгодных з тым, што пасля смерці ў іх могуць забраць органы для трансплантацыі. Паводле ранейшага заканадаўства не было зразумела, куды чалавек можа напісаць афіцыйную адмову ад донарства. Вось што распавёў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Алег Вялічка:

"Закон, які быў прыняты ў 2006 годзе, прадугледжваў, што частка грамадства не будзе гатовая прадставіць свае органы пасля смерці. Але механізм, як гэта будзе адбывацца, куды напісаць і як аддаць сваю заяву аб нязгодзе, не быў распрацаваны тым законапраектам. Таму, каб кожны чалавек ведаў, што ў яго не возьмуць органы без згоды, патрэбен гэты механізм”.

Адзначым, што з пачатку 2012 года ў Беларусі была праведзена 71 аперацыя па трансплантацыі органаў. Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на першым месцы сярод краін СНД.

Фота — medvestnik.by