Шукаюць беларуску, якая спрабавала выехаць з Газы
Сваякі другі дзень шукаюць 68-гадовую Ганну Лотыш, сувязь з якой адсутнічае.
Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на дачку зніклай, якая засталася ў палесцінскім анклаве.
17 ліпеня беларуска выехала з сектара Газа ў Егіпет разам з вялікай групай расіян і украінцаў. Дачка кажа, што маці ў свой час трапіла ў сектар Газа нелегальна — “па падземных кантрабандысцкіх тунелях”. Яна падазрае, што адсутнасць патрэбных штампаў у пашпарце магла стаць прычынай затрымання жанчыны сталага веку пры ўездзе ў Егіпет. Яе маглі дэпартаваць.
Дачка зніклай звязалася з беларускімі дыпламатамі ў Каіры і паведаміла ім пра сітуацыю. Дыпламаты ў сваю чаргу звязаліся з егіпецкімі памежнікамі на пераходзе “Рафах”. Ім паведамілі, што затрыманых замежнікаў там няма, але напярэдадні ў Каір накіраваўся аўтобус з групай асобаў, якія падлягалі дэпартацыі. Ці ёсць сярод іх Ганна Лотыш, невядома.
Расійскія дыпламаты 17 ліпеня далі магчымасць выехаць з Газы болей як 70 грамадзянам Расіі, Украіны і Беларусі. На наступны дзень у палесцінскі анклаў увайшлі ізраільскія войскі. У часе гэтай аперацыі ў сектары Газа загінулі болей за 300 палесцінцаў, інфармуе БЕЛТА.