Саакашвілі збірае адэсітаў на акцыю супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў

Саакашвілі збірае адэсітаў на акцыю супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў

Губернатар Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі заклікае жыхароў Адэсы на акцыю супраць фальсіфікацыяў вынікаў галасавання на выбарах у мэры горада. Раніцай 28 кастрычніка ён напісаў у сваім Фэйсбуку, што “фальсіфікатары гарадскіх выбараў, з хуткасцю “зялёных чалавечкаў” захапілі адэскую мэрыю”.

“Я запрашаю неабыякавых грамадзян, у якіх скралі выбар, сабрацца ў 18.00 на Траецкай, 43 і ўтварыць камітэт дзеяння супраць злодзеяў і прайдзісветаў, які не дазволіць і далей разбураць і рабаваць горад і зможа змяніць сітуацыю да лепшага для кожнага адэсіта. Сумеснымі намаганнямі мы пакончым з засіллем алігархава-кланавай мафіі і сапраўды ператворым Адэсу ў чысты горад, чысты ад смецця, а таксама бандытаў, казнакрадаў і карупцыянераў, зробім гарадскі бюджэт празрыстым і не дазволім далей красці, спынім вымагальніцтва з боку чыноўнікаў і паборы ў нашых школах, вернем Адэсу адэсітаў”, — напісаў палітык.

Напярэдадні Міхаіл Саакашвілі заявіў на прэс-канферэнцыі, што прынамсі на 80% выбарчых участкаў у Адэсе былі фальсіфікацыі. У якасці доказаў старшыня Адэскай абласной адміністрацыі паказаў копіі пратаколаў са змененымі лічбамі, якія яму падалі назіральнікі. Паводле гэтых сфальсіфікаваных пратаколаў, выбары мэра ў першым туры выйграў дзеючы кіраўнік горада Генадзь Труханаў. Саакашвілі абвінаваціў яго ў тым, што ён адабраў галасы ў свайго канкурэнта Аляксандра Баравіка.

Фота: REUTERS