Сабянін працягне супрацу з Беларуссю не горш за Лужкова

Новае кіраўніцтва Масквы будзе наладжваць яшчэ больш шчыльныя зносіны з Беларуссю, чым яны былі ў кіраўніцтва Лужкова. Пра гэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, заявіў намеснік маскоўскага мэра па пытаннях СМІ Аляксандр Гарбенка падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Гарбенка: “Адносіны з Беларуссю будзем імкнуцца наладжваць яшчэ больш цесныя, чым былі”.

На пытанне пра тое, ці не насцярожвае новае маскоўскае кіраўніцтва той факт, што ў свеце прэзідэнта Беларусі называюць “апошнім дыктатарам у Еўропе”, Гарбенка здзіўлена ўдакладніў: “А што, больш нікога не засталося?!” І дадаў, што Лукашэнка кіруе так, як можа. Маскву ж, маўляў, цікавіць найперш эканамічнае супрацоўніцтва.

Каментуючы з’яўленне на расійскіх тэлеканалах і друкаваных СМІ крытычных фільмаў і артыкулаў, прысвечаных персанальна прэзідэнту Лукашэнку, яго стылю кіравання і сітуацыі ў Беларусі, маскоўскі чыноўнік заявіў, што “журналісты пішуць, што хочуць”.


Фота: Еўрарадыё