Салігорскі "Шахцёр" не здолеў прайсці ў трэці раунд Кубка Інтэртота

15 ліпеня на дамашнім стадыёне "Будаўнік" у матчы ў адказ другога раунда "Шахцёр" прайграў адэскаму "Чарнаморцу" з лікам 0:2. Нагадаем, у першым матчы 7 ліпеня ў Адэсе мацнейшым таксама быў "Чарнаморац" - 4:2.
У трэцім крузе клуб з Адэсы сустрэнецца з французскім "Лансам". 17 ліпеня адбудзецца першы матч першага кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў, у якім барысаўскі БАТЭ правядзе гасцявы паядынак супраць кіпрскага клуба "Апаэль" (Нікасія).

Матч у адказ пройдзе ў Барысаве 24 ліпеня. 19 ліпеня два беларускія клубы - "Дынама" (Мінск) і "Дынама" (Брэст) - стартуюць у Кубку УЕФА. У першым адборачным раундзе мінчане згуляюць супраць рыжскага "Сконта", а брэстаўчане - супраць ліепайскага "Металурга". Свае першыя матчы беларускія каманды правядуць на выездзе. Гульні ў адказ адбудуцца 2 жніўня.

БелаПАН