Школьнікаў, што вяртаюцца з еўрапейскіх краін, не закрыюць на хатні карантын

Каля 200 школьнікаў павінны вярнуцца ў Беларусь да канца верасня пасля аздараўлення ў еўрапейскіх краінах. Навучэнцы не будуць знаходзіцца на хатнім карантыне. Пра гэта заявіла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. Такое рашэнне, як інфармуе БелаПАН, звязана з інфармацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Міжнародная ўстанова адзначае геаграфічны характар, мяккае праходжанне і нізкі адсотак смяротных вынікаў пры захворванні на свіны грып (А/H1N1). Ва ўсім свеце захворванне мае слабавыяўленыя сімптомы.

Медыцынскае абследаванне дзяцей, якія вярнуліся з-за мяжы, будзе адбывацца пры неабходнасці пасля звароту бацькоў у медустановы.

На цяперашні час каля 130 школьнікаў, якія адпачывалі ў еўрапейскіх краінах і вярнуліся ў Беларусь у канцы жніўня — пачатку верасня, не наведваюць заняткі на працягу сямі сутак пасля вяртання з-за мяжы.