Штанге застаўся на пасадзе галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге застаецца на сваёй пасадзе. Такое рашэнне было прынятае на паседжанні выканкама Беларускай федэрацыі футбола, паведамляе "Интерфакс-Запад". 61-гадовы нямецкі спецыяліст застанецца працаваць са зборнай Беларусі на адборачны цыкл чэмпіянату Еўропы-2012.

Як адзначае "Прессбол", кандыдатуру Штанге падтрымалі 18 сябраў выканкаму, супраць былі трое — галоўны трэнер брэсцкага "Дынама" Юрый Пунтус, старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі і старшыня Назіральнай рады ФК "Дынама" (Мінск) Юрый Чыж.

Нагадаем, Штанге працуе з беларускай зборнай з 2007 года. Ён не змог яе вывесці на чэмпіянат свету, які ў наступным годзе пройдзе ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы.