“Схватчыкі” распісалі маркерам калоны Ружанскага палацу Сапегаў

Зрабіць надпісы чорным маркерам на гісторыка-культурнай каштоўнасці хлопцам дазволілі самі будаўнікі. Пра гэта Еўрарадыё расказаў арганізатар гульні Глеб Барталевіч: Барталевіч: “У нас правіла - не пісаць на помніках гісторыі, культурна-гістарычных аб’ектах, таму мы загадзя гэтае пытанне ўдакладнілі, і, скажам так, з іх дазволу зрабілі. Мы падыйшлі да будаўнікоў, якія рэстаўруюць брамы, і ўдакладнілі ў іх, калі будзе аднаўляцца палац Сапегаў. Яны сказалі, што ў бліжэйшую будучыню там будзе ісці атынкоўка і праз месяц-два яны ўсё адно будуць усё гэта замазваць, таму праблемаў у надпісе маленькіх літараў мы не знайшлі”.

Глеб Барталевіч дадаў, што калі ўзнікнуць праблемы, то яны прыедуць і змыюць гэтыя літары. Маркер, кажа, змываецца:

Барталевіч: “У нас ужо з-за дажджу пару літараў сцёрліся самі па сабе. З-за гэтага былі некаторыя праблемы на гульні”.

Другая міжнародная гульня Encounter (ранейшая "Схватка") "Краіна пад белымі крыламі" прайшла на гэтых выходных у Беларусі. У гульні ўдзельнічалі 47 камандаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Паводле правілаў, гульцы павінны знайсці літары канкрэтнага слова і выканаць звязанае з ім заданне.