Шведскі фатограф выступае за аказанне міжнароднай дапамогі вязням КДБ

Шведскі фатограф і відавочца мінскіх падзей 19 снежня Марыя Содэрберг лічыць, што адным з эфектыўных крокаў дапамогі беларускім палітзняволеным павінна стаць аказанне ім паўнавартаснай юрыдычнай падтрымкі.

"Не можа быць так, што абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках не маюць магчымасці атрымліваць рэальную своечасовую юрыдычную дапамогу, — заявіла БелаПАН Содэрберг. — Я лічу, што Швецыя, а таксама ўрады іншых еўрапейскіх краін, міжнародныя юрыдычныя асацыяцыі павінны падтрымаць беларускіх палітычных вязняў адвакацкай дапамогай, бо на гэты момант, наколькі я бачу, арыштанты пазбаўлены гарантаванай законам абароны".

Содэрберг упэўнена, што па факце падзей 19 снежня павінна быць праведзена паўнавартаснае незалежнае расследаванне, і гэтую функцыю павінна ўзяць на сябе незалежная міжнародная камісія.