Швейцарскія праваабаронцы патрабуюць не пускаць Лукашэнку ў краіну

Швейцарскае аддзяленне міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Libereco — Партнёрства па правах чалавека" заклікала федэральны ўрад краіны неадкладна ўвесці забарону на паездкі ў Швейцарыю для беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ды яго атачэння, перадае Радыё Свабода.

Паводле кіраўніка швейцарскай секцыі "Libereco" Марціна Штаэльмана, "гэта было б абсалютна непрымальным і надзвычай пашкодзіла б рэпутацыі краіны, калі б апошні дыктатар Еўропы мог адпачываць на швейцарскіх лыжных курортах, у той час як у турмах знаходзіцца арыштаваная і збітая ім апазіцыя". Штадэльман пры гэтым узгадаў леташнюю паездку беларускага кіраўніка ў Швейцарыю.

"Швейцарыя цяпер не павінна стаяць убаку, а павінна дзейнічаць"
, падкрэсліў Марцін Штадэльман. Прычым, паводле праваабаронцы, федэральны ўрад мог бы прыняць жорсткае рашэнне адносна беларускага кіраўніка яшчэ да таго, як 31 студзеня рашэнне адносна санкцыяў прыме Еўрасаюз. Гэтым жэстам Берн прадэманструе, што сапраўды падтрымлівае дэмакратыю і правы і свабоды чалавека ў Беларусі.

Паводле Марціна Штадэльман,"асабліва трэба не дапусціць прысутнасці прадстаўніцтва рэжыму на сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Рэжыму, які пагражае свайму насельніцтву, няма месца ў Эўропе ў 21 стагоддзі".