Шыльда з "Ойча наш" па-беларуску з'явіцца ў Касцёле нацый у Іерусаліме

У іерусалімскім каталіцкім храме Pater noster ("Ойча наш"), вядомым таксама як Касцёл нацый, з'явіцца шыльда з тэкстам галоўнай хрысціянскай малітвы па-беларуску. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Па словах арцыбіскупа, адпаведныя перамовы паспяхова праводзяцца з плябанам храма, а таксама з прадстаўнікамі Францыі (Касцёл нацый знаходзіцца ва ўласнасці французскай дзяржавы).

Цяпер у касцёле Pater noster размешчаныя 63 шыльды з тэкстам малітвы "Ойча наш" на розных мовах свету.

Храм Pater noster быў заснаваны каталікамі на тым месцы, дзе, паводле паддання, Ісус у адказ на просьбу апосталаў навучыць іх маліцца паднёс ім у якасці ўзору тэкст малітвы, сёння добра вядомай усім хрысціянам свету.