Скаргу Някляевай, пададзеную ў пятніцу, у генпракуратуры яшчэ не разглядалі

Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук, падтрымаць Вольгу Някляеву, жонку палітыка Ўладзіміра Някляева, сёння да будынка КДБ у Мінску прыйшло каля 20 чалавек. Сярод іх — Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Законнікаў. На месцы актыўна "працуюць" шматлікія хлопцы з маленькімі відэакамерамі. Спачатку Вольга Някляева вырашыла наведаць генпракуратуру, куды яна ў пятніцу падавала скаргу на дзеянні КДБ, які не дазваляе адвакату сустрэцца з Уладзімірам Някляевым, пра стан здароўя якога ўжо тыдзень нічога невядома. Было спадзяванне, што генпракуратура дапаможа ў гэтай сустрэчы. Аднак у генпракуратуры сёння Вользе Някляевай паведамілі, што нягледзячы на тое, што скаргу ў пятніцу прынялі і зарэгістравалі, і абяцалі даць у панядзелак адказ, яе ніхто не разглядаў! Больш таго, яна нейкім чынам аказалася незарэгістраваная!

Вользе Някляевай прапанавалі прыйсці ў генпракуратуру пасля абеду, але дакладнага абяцання, што скарга будзе разгледжана да таго часу, дадзена не было.

Цяпер Вольга Някляева пайшла ў прыёмную КДБ, каб падаць скаргу. Нагадаем, яна патрабуе пусціць да мужа яго адваката і паведаміць, ці жывы ён.

Пісьменнікі таксама падалі заяву з патрабаваннем не толькі допуску адваката да Ўладзіміра Някляева, але і яго вызвалення.