Следам за "малочнай вайной" Расія пачне "рыбную"?

Расія занепакоеная вельмі неспрыяльнай сітуацыяй, якая складаецца для яе ў гандлі з Беларуссю рыбай і рыбнай прадукцыяй. Пра гэта паведамляюць "Беларускія навіны" са спасылкай на крыніцу, блізкую да расійскага ўрада. Заклапочанасць расійскага боку выклікае рост паставак беларускіх рыбапрадуктаў, якія за кошт ільготаў вытворцам з'яўляюцца больш канкурэнтаздольнымі. За апошнія 4 гады Беларусь нарасціла экспарт у Расію гатовай рыбнай прадукцыі ў 1,9 раза — з 14,1 тыс. тон у 2005-м да 27,7 тыс. тон у 2008-м. За кошт гэтага адбыўся і амаль двухразовы рост усяго экспарту, які па выніках 2008 года склаў 35,9 тыс. тон. Астатнія 7 тыс. тон рыбнай прадукцыі былі пастаўленыя ва Ўкраіну.

Практычна ўвесь экспарт (каля 98%) прыходзіцца на сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства "Санта-Брэмар", якое працуе ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст".

На думку суразмоўцы "Беларускіх навінаў", павелічэнне паставак у Расію гатовай рыбнай прадукцыі адбываецца за кошт таго, што гэтае прадпрыемства мае ў якасці рэзідэнта СЭЗ падатковыя ільготы пры пастаўках сваіх тавараў на экспарт, што павышае іх канкурэнтныя перавагі на расійскім рынку. Пры гэтым "Санта-Брэмар" не мае такіх ільготаў пры пастаўках прадукцыі на ўнутраны рынак, таму нядобрасумленнай канкурэнцыі з астатнімі беларускімі вытворцамі не ўзнікае.