Следства па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі прадоўжана да канца года

Следства па справе аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі прадоўжана да 24 снежня. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Алег Волчак. Паводле яго слоў, адпаведны ліст сваякі атрымалі з пракуратуры Мінска, аднак у ім не ўдакладняецца, якія следчыя дзеянні праводзяцца па гэтай справе.

Акрамя гэтага, паведаміў Волчак, сваякі Захаранкі атрымалі электронны ліст з адказам на свой запыт з Міністэрства замежных спраў Беларусі. "Нагадаю, сваякі звярталіся ў беларускае МЗС наконт неаднаразовых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што сляды забойцы Захаранкі знаходзяцца ў Нямеччыне. МЗС адказаў, што гэтая структура расследаваннем крымінальных злачынстваў не займаецца, а зварот сваякоў будзе перададзены ў Міністэрства ўнутраных спраў Нямеччыны. Такім чынам, расследаваннем знікнення Захаранкі і праверкай слоў Лукашэнкі зоймецца нямецкая паліцыя", — паведаміў Волчак.

Нагадаем, генерал Юрый Захаранка, які быў адным з апазіцыйных дзеячоў, бясследна знік 7 траўня 1999 года ў Мінску