СМІ: Кожную пятую "Карту паляка" выдаюць з парушэннем закона

СМІ: Кожную пятую "Карту паляка" выдаюць з парушэннем закона

За апошнія 10 гадоў на атрыманне "Карты паляка" падалі заявы 220 тысяч чалавек з розных краін. Палова з іх — з Беларусі і Украіны. 

Паводле праверкі з польскага боку, 20% "Картак паляка" ў Астане, Гродне, Вінніцы і Луцку былі выдадзеныя з парушэннем закона.

Вышэйшая кантрольная палата Польшчы сцвярджае, што польскія консульствы на ўсходзе не спраўляюцца з вялікай колькасцю заяў. Ва Украіне і Беларусі чарга на размову з консулам цягнецца ў сярэднім некалькі месяцаў. Як піша Gazeta Wyborcza, утварылася цэлая сістэма пасярэднікаў, якія за грошы прапануюць ахвочым лепшыя тэрміны.

Галоўнай прычынай затрымак называюць недахоп кадраў. Замест вызначанага законам месяца дакументы разглядаюцца больш за паўгода, перадае "Польскае радыё". Тры з пяці консульстваў не арганізоўвалі консульскіх дзяжурстваў у месцах вялікай канцэнтрацыі палякаў. 

Не ва ўсіх консульствах ёсць тэхніка для праверкі дакументаў. Гэтым карыстаюцца махляры. За 500-1500 долараў яны падрабляюць доказы польскага паходжання прэтэндэнта. Як сцвярджае Вышэйшая кантрольная палата, праблема фальсіфікацыі дакументаў стаіць вельмі сур’ёзна.