Спецслужбы Кыргызстану заявілі, што раскрылі змову апазіцыі
Апазіцыя збіралася дэстабілізаваць сітуацыю і змяніць уладу ў краіне.
Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі заяўляюць, што пра змову ім паведаміў нейкі Эрланбек Амураліеў. Па яго словах, група асобаў напрыканцы жніўня правяла нараду. На ёй было вырашана арганізаваць з 8 па 10 верасня ў мясцовасці Куубакы акцыю пратэсту і перакрыць аўтатрасу Бішкек-Каракол у Ісык-Кульскай вобласці. Таксама планаваўся падвоз падручных сродкаў, камянёў і арматуры для супраціву ўладам і праваахоўным органам.
Акрамя таго, Амураліеў паведаміў, быццам апазіцыя планавала скінуць у раку Нарын атрутныя хімічныя парашкі ў мяхах з надпісам "цыянід", каб вада змяніла колер. Гэта падманула б грамадскасць і выклікала масавыя акцыі пратэсту.
Спецслужбы Кыргызстану заклікалі грамадзян краіны павысіць пільнасць, перадае РБК.
Дарэчы, запланаваныя акцыі пратэсту мусілі прайсці ў дні, калі ў Бішкеку прызначаны саміт кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У тыя дні з афіцыйным візітам у краіне будуць знаходзіцца прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, старшыня КНР Сі Цзіньпін і новы прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані.
Фота — centralasiaonline.com