Справу начальніка абласной ДАІ, які збіў чалавека, адправілі ў архіў

Начальнік абласной ДАІ паўтара месяца назад не нанёс пашкоджанняў збітаму пешаходу. Да такіх вынікаў прывяла праверка. Справа адпраўляецца ў архіў, піша “Вечерний Гродно”.
Нагадаем, здарэнне адбылося 24 сакавіка на дарозе каля вёскі Алекшыцы Бераставіцкага раёна. Жыхар Ваўкавыска, які не справіўся з кіраваннем, урэзаўся ў прыдарожную агароджу, выйшаў з машыны і пайшоў на супрацьлеглы бок дарогі, размаўляючы па мабільным тэлефоне. У гэты момант ехаў начальнік ДАІ гродзенскай вобласці Ігар Смольскі.

Паводле праваахоўнікаў, у гэтым месцы дарога закругляецца, з-за чаго парушаецца бачнасць, таму мужчыну Смольскі заўважыў, калі было ўжо позна. Ён спрабаваў аб'ехаць мінака, але не атрымалася. "Да таго ж у той дзень ішоў снег і асфальт быў коўзкі", - гаворыцца ў афіцыйным звароце.

Начальнік ДАІ дапамог пацярпеламу падняцца, выклікаў "хуткую" і пазваніў у службу бяспекі, арганізаваў аб'езд месца аварыі. Выснова: “Дзеянні афіцэра ДАІ былі правільныя”.

Пацярпелы зламаў нагу. Па заключэнні экспертаў, траўму ён атрымаў, калі сам сутыкнуўся з агароджай.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі Еўрарадыё, Смольскага таксама збіла машына на месцы аварыі: калі даішнік выйшаў, каб паглядзець, што здарылася, аўтамабіль, што праязджаў міма, зачапіў яго люстэркам задняга бачання.