Спявачка папрасіла прабачэння за свой кліп, які назвалі нацысцкім (відэа)
У ім Нікі Мінаж выступае ў ролі дыктатара, а яе "войска" апранутае ў форму з чырвонымі нарукаўнымі павязкамі.
Амерыканская спявачка Нікі Мінаж на сваёй старонцы ў твітары папрасіла прабачэння за свой музычны відэакліп Only, які гледачы назвалі нацысцкім. Яна напісала, што не хацела нікога пакрыўдзіць і цалкам ўсведамляе сваю памылку. Нікі Мінаж запэўніла, што ніякім чынам не збіралася праслаўляць нацызм у сваёй творчасці.
РІА "Новости" нагадвае, што анімацыйны відэакліп з'явіўся ў сеціве на мінулым тыдні (за два тыдні ён набраў на YiuTube больш за 3 млн праглядаў). У ім спявачка выступае ў ролі дыктатара, а яе "войска" апранутае ў форму з чырвонымі нарукаўнымі павязкамі з лагатыпам гуказапісваючай студыі Young Money. Менавіта гэты лагатып, стылізаваны пад нацысцкую сімволіку, і выклікаў абурэнне людзей. Таксама ў кліпе з'яўляюцца чырвоныя шыльды з выявай сімвалаў, якія нагадваюць свастыку.
Нагадаем, сёлета Нікі Мінаж атрымала ўзнагароду MTV Europe Music Awards як лепшая хіп-хоп выканаўца.
Фота — Reuters