Сталічныя кватэры таннеюць на 4 долары штодня за 1 квадратны метр

За два першыя месяцы 2009 года сярэднiя цэны на другасныя кватэры сталiцы знiзiлiся прыкладна на 12—13%. А вось за сакавiк жыллё на другасным рынку Мінску патаннела адразу на 8,5%, паведамляе газета "Звязда".  У красавіку кватэры таннелі ад 25 да 30 долараў за квадратны метр штотыдзень. Сёння сярэднi кошт квадратнага метра прапанаваных на продаж адна- i двухпакаёвых кватэр складае 1500—1550 долараў.

Мiж iншым, па такiм кошце кватэры пакупнiкi ўжо не бяруць. Пры рэальным продажы жыллё набываецца толькi тады, калi квадратны метр агульнай плошчы кватэр прадаўцы знiжаюць да 1300—1400 долараў.

Сёння ў сталiцы з’явiлiся не вельмi якасныя аднапакаёўкi ў Заводскiм раёне i Шабанах па стартавым кошце 38—39 тысяч долараў. Галоўным чынам, гаворка iдзе пра кватэры на першых цi апошнiх паверхах з агульнай плошчай 31—33 квадратныя метры.

Без вялiкiх праблем цяпер можна адшукаць стандартныя аднапакаёўкi i ў дзевяцiпавярховых дамах коштам да 45 тысяч долараў. У агенцтвах нерухомасцi з’явiлася шмат прапановаў i па танных двухпакаёвых кватэрах. Невялiкiя "хрушчоўкi" ў старых пяцiпавярховых дамах агульнай плошчай да 44—46 квадратных метраў прапануюцца цяпер ад 50 да 55 тысяч долараў.