Старэйшына Гюмры: Жыхары горада знаходзяцца ў напружанні
Жыхар армянскага горада распавядае пра настроі людзей пасля жахлівай трагедыі, а эксперты заяўляюць пра ціск Масквы на Ерэван.
У армянскі Гюмры ў аўторак прывезлі цела шасцімесячнага дзіцяці, якое стала сёмай ахвярай жорсткага забойства, здзейсненага, як мяркуе следства, шараговым салдатам расійскай ваеннай базы Валерыем Пермяковым.
Нагадаем, што трагедыя здарылася 12 студзеня. Салдат з расійскай ваеннай базы прыйшоў да мясцовай сям’і і забіў усіх, хто быў дома. Шасцімесячны хлопчык, які атрымаў сем раненняў, памёр праз некалькі дзён у бальніцы.
13 студзеня Пермякова затрымалі на армяна-турэцкай мяжы расійскія памежнікі, якія патрулююць яе разам з армянскімі вайскоўцамі. Салдат прызнаўся ў злачынстве і распавёў, што хацеў выпіць вады, паспрабаваў патрапіць у дом, але калі нехта прачнуўся, спалохаўся, што яго выдадуць і адкрыў стральбу. Расійскі гарнізонны суд узяў вайскоўца пад варту. Гэта выклікала хвалю пратэстаў сярод мясцовых, якія патрабуюць выдаць салдата армянскаму суду.
Масавыя хваляванні прайшлі 14-га і 15-га студзеня. Па словах аднаго са старэйшын мэрыі Гюмры Лявона Барсягяна было паранена 15 паліцэйскіх, 8 дэманстрантаў і 3 аператары. Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя. Акцыя скончылася, пасля таго як некалькі чалавек, у тым ліку і дэпутат армянскага парламента родам з Гюмры Мартун Грыгаран наведаў расійскую базу і пацвердзіў, што бачыў там Пермякова. Дэпутат папрасіў людзей разысціся і абяцаў дамовіцца з праваахоўнымі органамі аб вызваленні затрыманых.
Тым жа вечарам у Ерэване на плошчы Свабоды сабраліся сотні чалавек, каб запаліць свечкі ў памяць аб загінулай сям’і, некаторыя трымалі плакаты “Закон — вышэй імперскіх амбіцыяў” і “Стратэгічны партнёр — будзь чалавекам”. Гэтая падзея паступова ператварылася ў мітынг салідарнасці з пратэстоўцамі горада Гюмры, што накаліла сітуацыю і прывяло да сутыкненняў паміж паліцэйскімі і ўдзельнікамі акцыі.
Лявон Барсягян распавёў Еўрарадыё, што з панядзелка ў горад прыехала каля дзвюх тысяч паліцэйскіх, якія ўзялі пад ахову расійскую ваенную базу і будынак расійскага консульства.
Старэйшына таксама адзначае, што “сітуацыя ў горадзе знешне цяпер спакойная. І ніякіх акцыяў пратэсту не плануецца. Быццам бы людзі зразумелі, што пратэст даў вынік і цяпер усе чакаюць актыўных дзеянняў пракуратуры Арменіі”.
Але разам з тым жыхары ўсё ж знаходзяцца ў напружанні. Хоць частка насельніцтва і разумее, што такі злачынца не мае нацыянальнасці, і расійскі народ тут не вінаваты. Але напружанне між гараджанамі і расійскімі вайскоўцамі існуе.
“Двое расійскіх вайскоўцаў зазірнулі ў суботу вечарам у рэстаран у цэнтры горада. Калі яны выйшлі і пачалі спрачацца адзін з адным, гюмрыйцы заўважылі, падышлі і ледзь не пачалася бойка. Але паліцыя іх адразу разняла і здала на ваенную базу. І ўсё быццам бы абышлося, але ніхто не ведае, што можа адбыцца ў любы момант”, — распавядае Барсягян.
Разам з тым, армянская адвакат, грамадзянская абаронца Тамара Айлаян 17 студзеня адмовілася абараняць Валерыя Пермякова, які прызнаўся ў забойстве армянскай сям'і ў Гюмры.
“Рашэнне маё эмацыйнае. Калі ён пачаў расказваць, як закалоў штык-нажом двух дзяцей, я пакінула памяшканне і не змагла працягнуць працэс. Можа, гэта і непрафесійна, але гэта так”, — цытуе “Інтэрфакс” Айлаян, якая выступіла ў суботу ў эфіры мясцовай тэлекампаніі Гюмры.
Юрыдычная калізія складаецца ў тым, што расійскі бок на падставе Канстытуцыі Расіі не выдае сваіх грамадзян. Пра гэта нагадаў Deutsche Welle эксперт па міжнароднаму праву Ара Казаран. Разам з тым эксперт здзіўляецца, як знойдзены на мяжы падазраваны апынуўся ў расійскай вайсковай частцы ў абыход праваахоўных органаў Арменіі.
Ён не выключае “фактару палітычнага ціску з боку Расіі”. Арменія, на яго погляд, “у гэтым выпадку была вымушаная адступіць і дазволіла расійскім ваенным забраць салдата на базу”. З моманту ж, калі замежны салдат аказваецца на базе сваёй краіны, ён становіцца недасягальным мясцовым уладам, тлумачыць Казаран.
“Пры гэтым у армяна-расійскім пагадненні аб знаходжанні расійскай ваеннай базы на тэрыторыі Арменіі, выразна прапісана, што расследаванне спраў аб злачынствах, не накiраваны супраць Расіі і ўчыненых за межамі тэрыторыі вайсковай часці, праводзяць праваахоўныя органы Арменіі ў адпаведнасці з уласнымі законамі”, — нагадаў юрыст.
Улады Расіі заклікаюць не палітызаваць сітуацыю вакол Пермякова, аднак былы кіраўнік Службы нацбяспекі Арменіі Давід Шахназаран мяркуе, што палітызаваннем займаецца сама Расія.
“У Арменіі жадаюць не самасуду над забойцам сямі чалавек, а справядлівага і ўсебаковага расследавання справы армянскімі праваахоўнікамі і адкрытага суда на тэрыторыі Арменіі”.
Ён адзначыў таксама, што “варварскае злачынства было здзейснена зброяй, якая належаць вайскоўцам базы ў Гюмры”. За гэта, па яго словах, нясуць адказнасць улады Расіі, піша Deutsche Welle.
У аўторак “Новай газеце” крыніца з урада Арменіі паведаміла, што разгляд справы салдата Валерыем Пермяковым пройдзе на тэрыторыі Арменіі, аднак судзіць яго будзе расійскі Ваенны суд. Пасля вынясення прыгавору злачынец будзе адпраўлены ў Расію для адбыцця пакарання. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі пакуль няма.
Тым часам, мясцовае насельніцтва не верыць у тое, што цэлую сям’ю мог з такой лютасцю забіць адзін шараговы салдат. Па горадзе ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Цікава і тое, што расійскія СМІ былі вельмі стрыманыя, распавядаючы пра гэтую падзею. Пэўныя федэральныя каналы зусім спачатку адмоўчваліся. А Пуцін прынёс свае спачуванні толькі на сёмы дзень пасля трагедыі.
Фота: PanARMENIAN.Net