Статкевіч: Цяпер шлях да аб’яднання сацыял-дэмакратычных партый адкрыты

Шлях да аб’яднання сацыял-дэмакратычных партый адкрыты. Такое меркаванне выказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, кіраўнік ініцыятыўнай групы па аднаўленню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч. Напярэдадні ён наведаў Брэст, каб на пікеце заахвоціць людзей ставіць за сябе подпісы. Паводле слоў Статкевіча, ён вітае змену кіраўніцтва ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Нагадаем, на нядаўнім з'ездзе замест Анатоля Ляўковіча, які апошнім часам адзначыўся публікацыямі ў газеце адміністрацыі прэзідэнта, старшынём гэтай партыі быў абраны Анатоль Сідарэвіч. Статкевіч кажа, што з новым кіраўніцтвам БСДП (Грамада) ён гатовы правесці перамовы "на прынцыпах сацыял-дэмакратыі, незалежнасці і еўрапейскага выбару".

Адзначым, што на сённяшні момант аб'яднанне згаданых сацыял-дэмакратычных партый немагчымае, паколькі адна з іх зарэгістраваная, а другая — не.