Суддзі Бярвенскаму дадуць працу на матчах адкрытага чэмпіянату Беларусі

Суддзя Сяргей Бярвенскі, бестэрмінова адхілены ад абслугоўвання хакейных матчаў любога ўзроўню, будзе часткова амніставаны. Пра гэта паведаміў старшыня Федэрацыі хакею Беларусі Ўладзімір Навумаў, перадае БЕЛТА. Па словах Уладзіміра Навумава, цяпер суддзя не будзе выходзіць на лёд і наўрад ці будзе сядзець за судзейскім сталом. Хутчэй за ўсё, напачатку яму давераць найменш кваліфікаваную працу.

Самы дасведчаны і аўтарытэтны з беларускіх хакейных рэферы мінчук Сяргей Бярвенскі 20 лютага 2009 года быў бестэрмінова адхілены ад судзейства хакейных матчаў на любым узроўні па рашэнні судзейскага камітэта ФХРБ. Прычынай суровага пакарання былога рэферы Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF), які судзіў паядынкі чэмпіянатаў свету і еўрапейскіх клубных турніраў, сотні матчаў чэмпіянатаў СССР і Беларусі, стала яго "праца" ў нецвярозым стане на матчы юнацкага чэмпіянату Беларусі сярод хакеістаў 1994 года нараджэння. Тады гулялі мінскія каманды "Юнацтва" і ДЮСШ-12.

Сёлета ў чэрвені Сяргею Бярвенскаму споўнілася 50 гадоў. Гэта крайняя ўзроставая рыса, якой звычайна абмяжоўваецца праца суддзяў у поле. Прыцягваць да абслугоўвання міжнародных паядынкаў Бярвенскага перасталі каля 4 гадоў таму.