Суднік: БАЖ уратаваў прафесію нацыянальнага беларускага журналіста

"Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначыла 15-гадовы юбілей (фотарэпартаж+фільм Леаніда Міндліна). У Дзень Салідарнасці 16 верасня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначыла 15-гадовы юбілей. Менавіта ў гэты дзень, узгадала старшыня БАЖ Жанна Літвіна, паўтара дзесяцігоддзя таму адбыўся ўстаноўчы з’езд, на якім было абвешчана пра стварэнне незалежнай журналісцкай арганізацыі і быў зацверджаны яе статут.

Жанна Літвіна: “Сёння нас — 1200 сябраў арганізацыі. Не скораных, не зломленых, людзей, якія захавалі пачуццё ўласнай годнасці, якія засталіся ў прафесіі, ведаюць пра яе ўсё і да яе ставяцца з павагай. 15 гадоў, здавалася, яшчэ не той юбілей, які святкуюць, пра які ўсе памятаюць. Але я люблю ўвесь час узгадваць, што ў нас год за тры ідзе. І таму ў нас значны ўзрост. І яшчэ адна з заваёваў БАЖа  — што мы сябе адчуваем часткай міжнароднай супольнасці”.





А сузаснавальніца арганізацыі, карэспандэнт BBC Таццяна Мельнічук прыгадала, пра што яны марылі, ствараючы БАЖ.

Таццяна Мельнічук: “Па-першае, мы думалі, што нас будзе значна болей. Ва ўсе часы і ва ўсіх абставінах. Па-другое, нам меркавалася, што нам будзе значна лягчэй і весялей. Па-трэцяе, мы былі поўныя перабудовачнага, піянерскага, узнёслага натхнення. І чамусьці меркавалася, што мы шчыльнымі радамі ўсё пераможам і ўсе адбудзецца. Атрымалася, што мы ўсе вельмі розныя. Але дзякуй Богу, мы ўсе адной крыві”.

Яшчэ адзін сузаснавальнік БАЖу Генадзь Суднік ўпэўнены, што менавіта гэтая арганізацыя ўратавала беларускую журналістыку.

Генадзь Суднік: “Сёння мы можам сказаць, што БАЖ уратаваў саму прафесію нацыянальнага беларускага журналіста. Бо ён даў прытулак свядомасці, свабодзе, прыстойнасці, выхаванасці і ўсім самым смелым і выдатным якасцям”.

Павіншаваць БАЖ сабраліся і тыя, хто калісьці яго заснаваў, і тыя, хто цяпер з’яўляецца сябрамі арганізацыі. Завіталі журналісты і палітыкі, дыпламаты, палітолагі, праваабаронцы. Прысутныя хвілінай маўчання ўзгадалі тых сваіх калег, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Прыгадала Літвіна і тое, што ўсе гады існавання БАЖу даводзілася супрацьстаяць захадам дзяржавы на знішчэнне незалежнай журналістыкі і незалежных СМІ.

Жанна Літвіна: “Я ўзгадваю перыяды, калі мы ўсе адчувалі грубае ўмяшанне ў нашу прафесійную дзейнасць. Адказам было ўзмацненне прафесійнай і юрыдычнай дапамогі і кансультацый нашым калегам. Наступ прапаганды — адказам стаў наш з вамі праграмны дакумент, які называцца “Журналістыка  — прафесія сумленных і адказных”. Гэта быў маніфест сумлення”.







Уладзімір Някляеў прысвяціў старшыні БАЖ Жанне Літвіной два вершаваныя творы і вельмі высока ацаніў яе асабістыя якасці і прафесіяналізм як журналіста (Літвіна была галоўным рэдактарам радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і першага беларускамоўнага FM-радыё “Радыё 101,2”. — Еўрарадыё) і як арганізатара. А таксама выказаў падзяку за самаадданую працу незалежным журналістам.



Аляксандр Фядута падараваў Літвіной 15 шыкоўных руж з удзячнасцю за ўсе гады знаёмства з ёй, а Андрэй Саннікаў пахваліўся, што яны з Жаннай вучыліся ў адным класе.





Было шмат цёплых слоў і віншаванняў як асабіста Жанне Літвіной, гэтак і створанай па яе ініцыятыве “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. У адказ кіраўніца БАЖ паабяцала, што арганізацыя і надалей будзе адстойваць інтарэсы сваіх сяброў і правы беларускіх грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, свабоду слова і выказвання.





Рэжысёр Леанід Міндлін паказаў фільм, прысвечаны 15-гадоваму юбілею асацыяцыі незалежных журналістаў і пятнаццаці гадам іх змагання за свабоду слова.

Фота: Змітра Лукашука