Сумна вядомая сядзіба Майкла Джэксана Neverland прадаецца з-за пазыкаў

Каліфарнійскі маёнтак Neverland, які належыць амерыканскаму спеваку Майклу Джэксану, будзе прададзена з малатка 19 сакавіка, паведамляе Fox News. Поп-кароль ужо атрымаў абвестку ад кампаніі Financial Title Company, у якой гаворыцца, што калі да пазначанай даты ён не зможа заплаціць 24.525.906 долараў і 61 цэнт, яго маёнтак будзе прададзены на аўкцыёне ў горадзе Санта-Моніка.

На продаж пойдзе не толькі сядзіба і зямля пад ёй, але і ўся рухомая і нерухомая маёмасць, размешчаная на тэрыторыі маёнтка, уключна з атракцыёнамі, каруселямі і гульнямі, якія Джэксан арганізаваў там для дзяцей.

Па меркаванні аналітыкаў, спявак, які зараз жыве фактычна на пазыкі, нават пры ўсім жаданні не зможа выкупіць ранча. У апошні раз ён там з'яўляўся 30 чэрвеня 2005 года. Потым Джэксан пераехаў у Бахрэйн, дзе пражывае і зараз.

Калі выканаўца пазбавіцца свайго ранча, апошнім сур'ёзным яго актывам застануцца правы на запісы яго песень, адзначае Fox News.

Фота: http://lenta.ru/afp.htm