Супрацоўнікі ДАІ не далі паказанняў супраць моладзевых актывістаў

Суд над 10-цю ўдзельнікамі студзеньскіх вулічных акцый пратэсту ў Мінску працягнецца ў чацвер. 16 красавіка ў якасці сведкаў з боку абвінавачвання выступілі супрацоўнікі ДАІ. Аднак яны не далі паказанняў супраць моладзевых актывістаў.
Вось што распавяла Еўрарадыё праваабаронца Алена Танкачова:

"Тыя сведкі, якія прадстаўлялі ДАІ, так бы мовіць, дастаткова якасна вытрымлівалі пазіцыю, яны не манілі. Яны давалі ацэнку таго, што адбывалася ў сувязі з дарожна-транспартным рухам на плошчы Незалежнасці. Ніводзін з гэтых сведкаў не даў паказанняў у адносінах тых, каго абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства. Яны патлумачылі, што ў адносінах гэтых людзей нічога не могуць паведаміць".

Паказанні супраць Кіма далі толькі двое праваахоўнікаў, якія яго затрымлівалі.
Суд працягнецца заўтра ў 10.30. Чакаецца, што раніцай у чацвер вырашыцца пытанне з допытам сведкаў з боку абароны. Мяркуецца, што могуць быць апытаныя актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік і палітык Анатоль Лябедзька.

Заўтра можа быць завершанае даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы.