Свавольства з агнём загубіла траіх дзяцей у Мастоўскім раёне (фота)
Бацька пакінуў траіх малых адным у доме, а сам паехаў сустракаць сваю жонку ў суседнюю вёску.
Трое малалетніх дзяцей загінулі на пажары ў вёсцы Нацкава Мастоўскага раёна. Трагічнае здарэнне адбылося ўвечары 8 сакавіка. Жыхары вёскі заўважылі ўзгаранне ў жылым доме і паведамілі пра гэта ў МНС. Праз 8 хвілінаў на месца прыбылі выратавальнікі. У той момант гарэла два пакоі ў доме і было моцнае задымленне. Супрацоўнікі МНС знайшлі ў доме траіх ужо мёртвых дзяцей — дзвюх дзяўчынак 2008 і 2009 года нараджэння і хлопчыка 2011 года нараджэння. На момант пажару бацькоў у доме не было.
Як выявіла следства, у той дзень пад вечар бацька малых паехаў у суседнюю вёску сустракаць сваю жонку, якая вярталася ад бацькоў. Па дарозе ён убачыў пажарныя аўтамабілі, якія імчаліся насустрач. Мужчына адчуў нядобрае і вярнуўся ў дадому — якраз у той момант пажарныя выносілі загінулых дзяцей.
Сям’я, у якой здарылася трагедыя, добранадзейная — бацькі 1989 года нараджэння працуюць, клапоцяцца пра дзяцей і не злоўжываюць спіртным.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала дзіцячае свавольства з агнём: дзеці залезлі ў шафу з вопраткай і знайшлі там цыгарэты і запалкі, якія там хаваў бацька. Выбрацца з пакою яны не змаглі, бо бацька перад сыходам замкнуў іх на замок, паведамляе прэс-служба МНС.

