Святаслаў Вакарчук: “Мы ніколі не рабілі таго, у што б не верылі”
Сьвятаслаў Вакарчук: "Мы вельмі ўдзячныя за тое,
што нашыя спевы сталі для людзей сімвалам свабоды. Было вельмі прыемна, што
нашыя тэксты не-ўкраінцы таксама ўспрымаюць так, як
трэба — як песні свабоды.
І ўсім тым, хто зараз змагаецца за
свабоду, хачу сказаць, што мы іх вельмі падтрымліваем. Аднак разам з тым,
кожная палітычная сітуацыя патрабуе асобнай прамовы.
Я лічу, што было крыху
некарэктна сёння нам, украінцам, распавядаць нашым сябрам у Беларусі, як ім жыць. Гэта вашая ўласная справа, а мы вас цалкам
падтрымліваем ва ўсіх высакародных пачынаннях. І ў гэтых пытаннях мы заўсёды
гатовыя дапамагчы".
“Акеан Эльзы” актыўна падтрымліваў памаранчавую
рэвалюцыю. Наконт сітуацыі, якая цяпер склалася ва Украіне, Вакарчук сказаў:
"Насамрэч, мы ніколі не
рабілі таго, у што б шчыра не верылі. Гэта датычыцца і той падзеі, якая сёння называецца памаранчавай рэвалюцыяй. Мы дзейнічалі свядома і шчыра.
Я лічу, што памаранчавая рэвалюцыя была правільнай, яе лозунгі і заклікі
адпавядалі сітуацыі, былі адэкватнымі. Што тычыцца сённяшняга дня, у нас ва Украіне ёсць
такая прыказка: не робіць памылак толькі той, хто ўвогуле нічога не робіць.
Безумоўна, было зроблена шмат памылак, шмат што можна было б зрабіць інакш, мы
ўсе пра гэта ведаем. Аднак казаць выключна пра памылкі, не звяртаючы ўвагі на
пазітыўныя бакі, на мой погляд, няправільна.
Я лічу, што сёння мы жывем зусім у іншай краіне, якая
стала вольнай не толькі па лозунгах, але і па
сутнасці, якая ідзе па шляху дэмакратыі, якая сваімі сіламі, сіламі свайго
народу, вырашыла, як ёй жыць і што рабіць — і гэта вялікае дасягненне. А тое,
што ў нас будзе яшчэ шмат цяжкасцяў, — гэта відавочна і зразумела".
— Апошнім часам вы шмат
займаецеся немузычнымі праектамі — напрыклад, тым, які
прадстаўлены на вашым сайце пад назвай "Книга творить Людину". Чаму
так? Вам не хапае музыкі?
Святаслаў Вакарчук: "Я скажу два словы пра
сацыяльны праект, які мы ініцыявалі. Ён называецца
"Книга творить Людину".
І мэта гэтай праграмы (размова ідзе пра ўкраінскую праграму) — прыцягнуць увагу моладзі да чытання, таму што на сённяшні дзень, на наш погляд, чытанне не займае таго месца ў жыцці, якое
павінна было б займаць. Наконт таго, ці
не хапае нам музыкі, адкажу так: не хапае.
Я думаю, што ніводны чалавек не можа
жыць выключна музыкай, кожны патрабуе чагосьці яшчэ. Вось
нам, напрыклад, падабаецца чытаць. І мы сапраўды шмат чытаем, хоць і густы тут
ва ўсіх розныя".
Таксама ў размове было ўзнятае пытанне
навуковай кар’еры саліста гурта, Святаслава Вакарчука, які па адукацыі фізік.
Петро Чарняўскі са смехам пракаментаваў, што некаторым удзельнікам гурта
спачатку б проста дыплом атрымаць, якая ўжо тут доктарская.
Сам Святаслаў на
пытанне, ці не збіраецца ён у будучыні ўсё ж такі працаваць непасрэдна па прафесіі ці то фізіка, ці эканаміста (другая
адукацыя лідэра гурта) адказаў:
"У нас ва Украіне ёсць яшчэ адна прымаўка, якая асабліва датычыцца музыкаў:
ніколі не ведаеш, дзе заўтра будзеш начаваць".
— Што б хацелі сказаць нашым
слухачам?
Святаслаў Вакарчук: "Вялікае прывітанне слухачам
у Беларусі ад гурта “Акеан Эльзы”. Спадзяемся хутка вас
пабачыць і пачуць у Беларусі, куды мы ездзім даволі
часта і з вялікім задавальненнем".