Сярэднееўрапейскі кошт на расійскі газ можа перавысіць 500 долараў

Да канца 2008 года сярэднееўрапейскі кошт на расійскі газ можа перавысіць 500 долараў за тысячу кубаметраў. Пра гэта паведамляе кіраўніцтва "Газпраму".  Нагадаем, раней у расійскай кампаніі меркавалі, што сярэднееўрапейскі кошт складзе каля 350 долараў, пасля - каля 400.

БелаПАН
адзначае, што формула разліку цаны на газ для Беларусі прывязаная якраз да сярэднееўрапейскага кошту з улікам паніжаючага каэфіцыента.

Паводле беларуска-расійскага кантракту ад снежня 2006-га, сёлета кошт газу для нашай краіны мусіць складаць 67% ад сярэднееўрапейскага з вылікам транспартных выдаткаў. У 2009 годзе ён складзе 80%, а ў 2010-м - 90%. Да 2011 года Беларусь мусіць выйсці на 100%-ю аплату еўрапейскага кошту за расійскі газ.

Сёлета ў першым квартале наша краіна плаціла 119 долараў за тысячу кубаметраў газу. У другім квартале кошт мусіў скласці 128 долараў, аднак з'явілася інфармацыя, што аплата здзяйснялася па ранейшым кошце.