Сяргей Патаранскі прэзентаваў фільм пра “халодную вясну 2006-га”

Прэм’ера двухсерыйнага дакументальна-публіцыстычнага фільма “У сьнягах драмае вясна” адбылася ўчора ў Мінску. У стужцы працягласцю 107 хвілін паказваюцца падзеі вясны 2006 года ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх.

Вось што распавёў пра свой фільм у інтэрв’ю Еўрарадыё яго аўтар 31-гадовы Сяргей Патаранскі, рэжысёр і паэт:

“Мая ідэя была не толькі паказаць хроніку жыцця. Гэта такое філасофскае эсэ аб нашым лёсе, аб лёсе нашай Беларусі. Найперш разлічанае на замежнага гледача, таму што мы і так ведаем усе нашыя праблемы”.

Калі першая частка фільма прысвечана падзеям да 19 сакавіка 2006 года, калі адбыліся прэзідэнцкія выбары, дык другая – моладзеваму супраціву на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Патаранскі лічыць, што яго фільм “паставіць некаторыя кропкі над “і” ў ацэнцы нашай беларускай сітуацыі на сённяшні дзень”. Пры гэтым ён адзначае, што аўтары стужкі не робяць ніякіх ацэнак, яны прапануюць гэта зрабіць самому гледачу.

Нагадаем, раней ужо з’явіліся два фільмы, прысвечаныя падзеям вясны 2006-га – “Плошча” Юрыя Хашчавацкага і “Урок беларускай мовы” Міраслава Дэмбінскага.