Сёлетні Канскі кінафэст не мае сусветных шэдэўраў

Большасць удзельнікаў міжнароднага Канскага кінафэсту лічыць, што сёлета сярод прадстаўленых фільмаў няма сусветных шэдэўраў. Менавіта таму кінафорум дайшоў да сярэдзіны без наяўнага фільма-фаварыта. За мінулыя шэсць дзён працы кінафорума ўжо паказаныя 11 з 22 карцін галоўнага конкурсу.

У панядзелак на фэсце адбылося прысуджэнне першай прэміі Канскага кінафэсту - прэстыжную прэмію Еўрасаюза "Еўрапейскі талент" атрымаў 36-гадовы эстонскі рэжысёр Вэйка Ыўнпуў за сцэнар сваёй будучай карціны "Спакуса святога Антонія".

Залатая пальмавая галіна была ўручаная таксама за творчую кар'еру партугальскаму рэжысёру дэ Алівэйра, якому спаўняецца 100 гадоў.

У панядзелак, 19 траўня, таксама адбыўся паказ новай працы вядомага амерыканскага рэжысёра Джэймса Грэя "Два каханні", якая адрозніваецца незвычайнай пабудовай традыцыйнага для кінематографа любоўнага трыкутніка і пераканаўчай гульнёй акцёраў.

Аднак карціна не стала лідэрам глядацкіх сімпатый, піша BBC. Зараз паводле неафіцыйнага рэйтынгу часопіса Screen, які выходзіць у Канах, лідзіруюць два фільмы - "24 Сіці" кітайскага рэжысёра Цзя Чжанкэ і "Тры малпы" турэцкага рэжысёра Нуры Більгэ Джэйлана.

Аднак сёння ў гэты спіс могуць быць занесеныя істотныя карэктывы, бо пройдзе дэманстрацыя новай стужкі амерыканскага рэжысёра Клінта Іствуда "Падмена".

Карціна, заснаваная на рэальнай гісторыі пра падмену дзіцяці, стаіць у галоўнай конкурснай праграме фэсту.

Адначасова сёння адбудзецца пазаконкурсны паказ дакументальнай стужкі вядомага сербскага рэжысёра Эміра Кустурыцы. Прысвечана карціна выбітнаму футбалісту сучаснасці Дыегу Марадонне.

Між тым, эксперты сцвярджаюць, што рэжысёры, якія паспелі атрымаць міжнароднае прызнанне, пачалі здымаць усё горш і горш.

Фота: www.ampav.com