Сёння Бернд Штанге і Віталь Кутузаў будуць высвятляць адносіны па тэлефоне

Сёння мусіць адбыцца тэлефонная размова паміж галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Берндам Штанге і нападаючым італьянскай “Пізы” Віталём Кутузавым. Напярэдадні Кутузаў заявіў, што не прыедзе на гульню зборнай з Люксембургам. Ён спаслаўся на тое, што гэтая гульня ўжо нічога не вырашае, а ў “Пізы” зараз з’явіліся добрыя турнірныя перспектывы. Кутузаў таксама спаслаўся і на сямейныя праблемы. Пра гэта ён па факсе паведаміў у Беларускую федэрацыю футбола.

Учора ўжо сам Кутузаў атрымаў факс, на гэты раз ад Штанге. Паводле словаў Віталя Кутузава, галоўны трэнер падкрэсліў, што паважае яго пазіцыю, “але не можа дазволіць гульцам самастойна прымаць рашэнні, у якіх матчах удзельнічаць, а ў якіх не”. Ён зноў папрасіў запрашэнне прыняць удзел у матчы з Люксембургам.

Пры гэтым Бернд Штанге паведаміў, што калі Кутузаў адмовіцца, “Беларуская федэрацыя футбола больш не будзе зацікаўлена ў яго паслугах”. Для прыняцця рашэння нападаючы атрымаў 24 гадзіны. У пятніцу яму патэлефануе галоўны трэнер зборнай, каб атрымаць адказ. Прессбол