Сёння заканчваецца кампанія збору подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнта

29 кастрычніка — апошні дзень збору подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнта. Пакуль вядома, што неабходны для рэгістрацыі 100-тысячны бар’ер пераадолелі 10 палітыкаў. Першым неабходную колькасць подпісаў сабраў Аляксандр Лукашэнка. На мінулым тыдні пра дасягнуты поспех паведамілі Ўладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў і Віктар Цярэшчанка.

25 кастрычніка вызначылася яшчэ тры кандыдаты, якія пераадолелі гэтую мяжу — Алесь Міхалевіч, Мікалай Статкевіч, Рыгор Кастусёў і Дзмітры Ус. 26 кастрычніка пра сабраныя 100 тысяч подпісаў адрапартаваў Уладзімір Правальскі.

Ініцыятыўная група Віталя Рымашэўскага разлічвала здаць у ЦВК 105 тысяч подпісаў, але ўчора ў Брэсце затрымалі двух сябраў ініцыятыўнай групы палітыка, якія везлі ў абласны цэнтр падпісныя лісты з рэгіёнаў. Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў засцярогу, што калі раптам падпісныя лісты знікнуць, яго рэгістрацыя будзе пастаўленая пад пагрозу.