Таджыкаў, якія ваююць за Расію, вызваляць ад крымінальнай адказнасці

Грамадзян Таджыкістану, якія праходзяць службу ў расійскім войску па кантракце і ўдзельнічаюць ва ўзброеных канфліктах у інтарэсах Расіі, на радзіме вызваляць ад крымінальнай адказнасці.

Раней таджыцкі парламент ухваліў папраўкі ў крымінальны кодэкс краіны, якія прадугледжваюць крымінальнае пакаранне для грамадзян Таджыкістану за ўдзел ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах.

Прынятыя папраўкі тычыліся ў асноўным таджыкаў, якія прымаюць удзел у войнах у Сірыі і Іраку на баку антыўрадавых сіл і ў шэрагах тэрарыстычных арганізацый.

Як заявіў у інтэрв’ю ВВС дэпутат таджыцкага парламенту Махмадалі Ватанаў, “Расія для Таджыкістану асаблівая краіна і нас звязваюць асаблівыя адносіны”. Паводле яго словаў, пераважная большасць таджыцкіх грамадзян, якія праходзяць службу ў расійскім войску, з’яўляюцца грамадзянамі Расіі. Многія з іх шмат гадоў служаць у шэрагах узброеных сіл Расіі.

Прыкладаў удзелу кантрактнікаў з Таджыкістану ў войсках іншых краін няма. Аднак, калі таджыцкія грамадзяне праходзяць афіцыйную ваенную службу ва ўрадавых войсках іншых краін, яны таксама будуць вызваляцца ад крымінальнай адказнасці.

У пачатку гэтага года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра новыя змены праходжання ваеннай службы ў расійскіх узброеных сілах, які, у прыватнасці, дапускае ўдзел замежных кантрактнікаў ва ўзброеных канфліктах у інтарэсах Расіі.

Фота: fergananews.com