Таварыства аховы помнікаў патрабуе вызвалення журналіста Віктара Хурсіка

Заяву "Свабоду Віктару Хурсіку!" прыняла мемарыяльная секцыя Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў на сваім пасяджэнні ў Мінску. У ёй, у прыватнасці, адзначаецца, што сябры секцыі ўзрушаны незаконным затрыманнем і 15-суткавым арыштам вядомага беларускага журналіста і выдаўца, аўтара кнігі "Кроў і попел Дражна".
"Гэтая расправа за публікацыю праўды пра падзеі апошняй вайны, у тым ліку пра зверствы савецкіх партызанаў над мірнымі беларускімі грамадзянамі ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці 14 красавіка 1943 года", - гаворыцца ў заяве мемарыяльнай секцыі.

Нагадаем, Віктар Хурсік напісаў сваю кнігу на падставе архіўных дакументаў і сведчанняў людзей. Ён даказаў, што дзесяткі вяскоўцаў былі забітыя і спаленыя савецкімі партызанамі.

Сёлета 19 красавіка прадстаўнікі грамадскасці з удзелам мясцовых жыхароў усталявалі каля Дражна праваслаўны крыж, аднак праз некалькі дзён ён быў выкапаны па ініцыятыве ўладаў. Удзельнік усталявання крыжа Вячаслаў Сіўчык ужо адсядзеў 15 сутак у ізалятары ў Старых Дарогах. Учора суд Старых Дарог асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту і Віктара Хурсіка.

Мемарыяльная секцыя Таврыства аховы помнікаў таксама патрабуе аднаўлення крыжа каля вёскі Дражна, прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў, якія вінаватыя ў парушэнні заканадаўства.

БелаПАН