Тэлеканал CNN выдаліў з сайта рэйтынг звыродлівых збудаванняў
Таксама тэлеканал прынёс прабачэнні людзям, абражаным уключэннем у рэйтынг знакамітага помніка з Брэста.
Тэлеканал назваў паведамленне аб рэйтынгу неадпаведным стандартам СNN і адзначыў, што публікацыя выклікала абурэнне ў Расіі ды Беларусі, перадае newsru.co.il. CNN адзначае, што манумент "Мужнасць" закліканы ўвекавечыць памяць салдат, якія аддалі свае жыцці, абараняючы родную краіну.
Нагадаем, манумент "Мужнасць" у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць" увайшоў у рэйтынг самых звыродлівых манументаў па версіі CNN. Дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк заявіў, што шакаваны выхадкай амерыканцаў і хоча дамагацца ад CNN выбачэнняў і кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды.
Беларуская дыпламатычная місія ў ЗША накіравала рэдактару сайта CNN ліст, у якім заявіла аб недапушчальнасці абразлівых выказванняў у дачыненні да абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка заявіў, што "выбачэнняў ад CNN запатрабавалі таксама амерыканскія арганізацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, Асацыяцыя вязняў гета і канцэнтрацыйных лагераў, таварыства "Халакост", нашчадкі удзельнікаў баявых дзеянняў, партызан і падпольшчыкаў, якія пражываюць у ЗША".