Траціна Рагачова засталася без вады з-за парыву магістральнага вадавода

Каля траціны Рагачова (Гомельшчыны) з 5 гадзінаў раніцы 21 студзеня засталася без вады з-за парыву 150-міліметровай чыгуннай трубы. Як паведамляе БелаПАН, каля паўночы стаў падаць ціск у магістральным вадаводзе, што сведчыла пра яго парыў. Дзяжурная брыгада выехала на месца аварыі, праз мерзлы грунт зваршчыкі дабраліся да трубы да 5.00. Складанасці былі і ў тым, што побач пракладзеныя тэлефонныя кабелі, і каб іх не пашкодзіць, камунальнікі выклікалі сувязістаў.

Да 9.30 аднаўленчыя працы былі практычна завершаныя, 21 студзеня вада павінна паступіць да ўсіх спажыўцоў. У раённую лякарню на час ліквідацыі надзвычайнага становішча былі завезеныя бочкі з вадой.

Паводле папярэдняй версіі, парыў вадавода адбыўся з-за марозу і моцнага ціску грунту на трубу.