Трэнера зборнай па баскетболе шукаюць праз аб’яву ў газеце, бо "шмат вартых"

Заробак абяцаюць у 200 долараў, нават калі гэта будзе іншаземец
У краіне распачаліся анекдатычныя пошукі галоўнага трэнера для нацыянальнай мужчынскай зборнай па баскетболе. Беларуская федэрацыя баскетболу аб’явіла адкрыты конкурс, і цяпер любы жадаючы можа патэлефанаваць на кантактны нумар 294-91-60 альбо даслаць ліст электроннай поштай. Ранейшы трэнер Аляксандр Барысаў падаў у адстаўку яшчэ ў кастрычніку. Аб’явы размешчаныя ў … газеце “Спортивная панорама”. Кандыдат павінен прапанаваць “сваю праграму аб перспектывах развіцця баскетболу”.

Начальнік аддзела па правядзенні спаборніцтваў федэрацыі Вячаслаў Радной кажа Еўрарадыё, што незвычайны конкурс спатрэбіўся, каб выбраць самага вартага.

Вячаслаў Радной: “Вартых многа, але трэба ведаць, ці ёсць у чалавека нейкая праграма, ці ён проста хоча прыйсці, атрымаць званне “галоўны трэнер нацыянальнай каманды” і гэтым бравіраваць, ці яшчэ што”.


Цікава, якім заробкам будзе федэрацыя завабліваць кандыдатаў? Вось якія лічбы назваў Вячаслаў Радной са спасылкай на дзяржаўнага трэнера па баскетболе Анатоля Якубенку:

“Заробак самы звычайны - міністэрская стаўка. Там атрымліваецца нешта каля 400-500 тысяч рублёў у месяц”.

Як даведалася Еўрарадыё, БФБ вядзе перамовы і з замежнымі спецыялістамі з Сербіі і Аўстрыі, але іх кандыдатуры разглядаюцца на агульных падставах. Вось што кажа Вячаслаў Радной:

“Могуць знайсціся і замежныя трэнеры, якія пагодзяцца працаваць і за такі заробак…”

У інтэрв’ю газеце “Прессбол” кіраўнік БФБ Леў Піменаў пахваліўся, што “працэс ужо пайшоў: сёння патэлефанаваў малады дзіцячы трэнер і спытаў, ці зможа ён удзельнічаць у конкурсе”.

Аднак высветлілася, што гэтым “дзіцячым трэнерам” быў… журналіст. Пра гэта даведаўся Вячаслаў Радной:

“Учора карэспандэнт “Советской Белоруссии” патэлефанаваў і прадставіўся трэнерам, які займаецца дзіцячымі камандамі, а сёння напісаў артыкул… Пакуль больш ніхто не тэлефанаваў, ніхто не цікавіўся”.

Раней галоўны трэнер баскетбольнага клуба “Віталюр” прызнаўся “Прессболу”, што яму прапанавалі пасаду трэнера нацыянальнай зборнай у саўне, і ён палічыў такую прапанову жартам.

Фота — www.btazovmash.com