У апошні дзень прахадны бал на прэстыжныя факультэты паменшыўся

Гэта адбылося таму, што ў абітурыентаў не вытрымалі нервы, і яны пачалі перакідваць дакументы на менш рэйтынгавыя факультэты. Дзяўчына з 344 баламі на філасофскім факультэце БДУ перажывае наконт паступлення, а вось за ваенны факультэт БДУІР тыя, у каго больш за 157, могуць не хвалявацца – паступяць. Кажа Таня:

- Усяго набіраецца 15 бюджэтных месцаў. Дзевяць з іх ужо занятыя алімпіяднікамі і льготнікамі. І вось я зараз знаходжуся недзе на 13-м месцы. Дакладна невядома, што будзе далей, бо невядома, колькі возьмуць людзей з вёскі. Але хутчэй за усё возьмуць аднаго ці двух чалавек. Дастаткова стомленая пасля ўсяго года падрыхтоўкі. У такім стане нявядомасці знаходжуся.

Еўрарадыё заўважыла, што апошні дзень змяніў расклад сіл уступнай кампаніі ў шмат якіх ВНУ.

Ужо пачынаючы з суботы абітурыенты пачалі “перакідваць” дакументы з аднаго факультэта на іншы, а то і ў іншы універсітэт, дзе іх балы па сертыфікатах дазвалялі паступіць.

Асабліва вялікі адплыў разумных абітурыентаў адбываўся ў эканамічным універсітэце. Некаторыя абітурыенты, паддаўшыся ажыятажу, забіралі дакументы з баламі ў 345 і перападавалі на эканамічныя спецыяльнасці іншых універсітэтаў.

Кажа Алеся:

- Было 345 балаў у суме і падавала ў Наргас на міжнародныя эканамічныя адносіны. Але ў апошнія дні быў такі ажыятаж. Людзі з маім балам ужо не праходзілі. На бясплатнае дакладна на 100 адсоткаў не праходзілі. У апошні момант усе сталі перакідваць дакументы на іншыя спецыяльнасці. Я і скарысталася іх прыкладам.

Такім чынам, прахадны бал зніжаўся, і паступалі тыя, у каго сертыфікаты меней за 345. Пытанне ў тым, ці паспелі іншыя абітурыенты з такімі высокімі баламі перакінуць дакументы. Атрымалася сапраўдная барацьба не толькі ведаў, але і нерваў!

А 15-й гадзіне ў нядзелю я прысутнічаў ля дзвярэй прыёмнай камісіі факультэта энергетычнага будаўніцва БНТУ. Найбольш уразіла чарга. Каля 30 чалавек імкнуліся забраць дакументы, бо ведалі, што не пройдуць. Другая галінка чаргі імкнулася падаць дакументы, забраўшы іх з больш рэйтынгавых. Людзі вельмі хваляваліся.

Перад выходнымі на стаматалагічны факультэт медуніверсітэта ніжняя мяжа вагалася на ўзроўні 340 балаў. Пасля многія абітурыенты таксама пачалі забіраць заявы і перападаваць на іншыя факультэты мэдыцынскага універсітэта. Такім чынам, прахадны бал зменшыўся да 333.
У размове з Еўрарадыё Арам Аветысаў, адказны сакратар прыёмнай камісіі медыцынскага універсітэта, сказаў, што ў апошні дзень было шмат перакідак дакументаў са стаматалагічнага факультэта на лячэбны.

Спадар Аветысаў падкрэсліў, што гэта зусім розныя профілі і заўважыў: “перакідка” дакументаў у апошні дзень аніяк не паспрыяе асабістаму росту чалавека. Было шмат выпадкаў, калі людзі праз год забіралі дакументы, каб зноў падаць на стаматалагічны ці ў зусім іншыя універсітэты, бо не хацелі псаваць сабе прафесійнае жыццё.

Прахадныя балы на факультэт камп’ютарных сетак і сістэм радыётэхнічнага універсітэта вагаліся на узроўні 330-340, але ажыятажнага забірання дакументаў у апошні дзень не было. Як паведамілі Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі на гэты факультэт падавалі прафесійна арыентаваныя абітурыенты з вялікім балам і без сумневу ў правільнасці зробленага выбару.

Зараз прыёмныя камісіі вельмі загружаныя. На пачатку жніўня ім трэба беспамылкова вызначыць усіх, хто паступіў. За учорашні дзень у БНТУ было пададзена 1900 заявак, за пазаўчорашні 1500. Гэта у 6-7 разоў больш за сярэдні паказчык іншых дзён. Самы вялікі конкурс у гэтым універсітэце ўтварыўся на факультэце менеджмэнту і прадпрымальніцтва 9,88 чалавека на месца.

У лінгвістычным універсітэце таксама стварылася даволі дзіўная сітуацыя. На некаторыя спецыяльнасці ў апошні дзень зусім прапаў вясковы конкурс. Вось што кажа Мікалай Курытка, намеснік сакратара прыёмнай камісіі:

- З пяці да шасці пачалі бегаць туды-сюды. У нейкі момант агульная прапорцыя дазваляла вясковы конкурс. А у нейкі момант вяскоўцы беглі на іншыя факультэты. Зараз, я кажу, падводзіцца статыстыка, бо мы не ведаем, хто куды збег.

А на некаторыя спецыяльнасці завочнай формы навучання педагагічнага універсітэта ўсё ж адбыўся недабор.

Кажа прадстаўнік прыёмнай камісіі Віктар Зайцаў:

- Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура. Дзіўна, на журналістыку не вельмі пайшлі.

Але на на спецыяльнасць “выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка” конкурс склаў 14,2 чалавека на месца, што з’яўляецца рэкордам сёлетняй уступнай кампаніі.

Фота — photo.bymedia.net