У Бабруйску жылыя дамы заліло каналізацыйнымі адыходамі (фота)

Жыльцоў перасялілі ў інтэрнат і абяцаюць зрабіць рамонт.
Увечары 7 ліпеня ў Бабруйску на вуліцы Рабочай прарвала трубу каналізацыйнага калектара. Некалькі навакольных прыватных дамоў былі затопленыя забруджанай вадой і засыпаныя пяском. 8 ліпеня жыхароў эвакуіравалі і перасялілі ў гатэль “Бабруйск”. Увесь дзень вяліся працы па ліквідацыі наступстваў прарыву трубы. Жыхары выселеных хат прыбіралі падворкі і дамы.

Узровень вады ў хатах даходзіў да 10-15 сантыметраў. З затопленых паграбоў ужо некалькі разоў выпампоўвалі ваду, але яна збіраецца зноў, як кажуць гаспадары, “з зямлі”. Пад сарванымі дошкамі падлогі таксама стаіць вада. Узровень яе даходзіць да паловы метра.

Асабліва гаспадары шкадуюць сваіх агародаў, з якіх ужо нельга будзе нешта з’есці. Усё прапала, залітае сцёкавай вадой і злівамі з прадпрыемстваў (мясакамбінат і інш.). Гаспадарам паведамілі, што 9 ліпеня іх пераселяць з гатэля ў інтэрнат.

Улады горада і Гарвадаканал далі негалосны загад падначаленым і супрацоўнікам гасцініцы “Бабруйск” не даваць інфармацыі прэсе і не распаўсюджваць ніякіх звестак. Але з некаторых крыніц у Гарвадаканале вядома, што пакуль у дамах не будзе зроблены увесь неабходны рамонт, ім давядзецца жыць у інтэрнаце.

Тым часам, намоклыя сцены дамоў пачалі адыходзіць адна ад адной і ад столі, пачало круціць бэлькі, а ў наваколлі стаіць непрыемны пах каналізацыі.




Мужчына паказвае ўзровень жыжы пад падлогай яго дома







Атручаныя гароды, залітыя паграбы і двары



"Байцы" вадаканала былі нейкія разгубленыя...



... хаця тэхнікі прыгналі нямала.



Здымкі Алеся Васько