У Баранавічах асудзілі эканамістаў і бухгалтарку, якія скралі $300 тысяч

На вялікія тэрміны пазбаўлення волі асуджаныя трое супрацоўнікаў баранавіцкага баваўнянага аб'яднання за тое, што абакралі роднае прадпрыемства на 630 мільёнаў рублёў. Двое эканамістаў і бухгалтарка па падробленых дакументах, нібыта, адпраўлялі прадукцыю на іншыя прадпрыемствы і імітавалі падпісанне з імі дамоваў. Па дакументах "партнёры" расплочваліся "бартэрам", які пасля "спісваўся".

Спачатку гэтым займаліся толькі маладыя эканамісты. Але калі іх хітыркі выявіла 31-гадовая бухгалтарка, яны прапанавалі і ёй далучыцца да такой дзейнасці. Яна пагадзілася. І калі двое мужчын змаглі скрасці прадукцыі толькі на 70 мільёнаў рублёў, дык з дапамогай жанчыны - яшчэ на 560 мільёнаў.

Следства ўстанавіла, што насамрэч тканіна вывозілася з прадпрыемства і хавалася ў гаражах, а пасля рэалізоўвалася.

Мужчыны сваёй віны доўга не прызнавалі, але бухгалтарка распавяла следчым усё, у тым ліку і ролю кожнага ў злачынным бізнэсе. Яе асудзілі да 5 год калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а эканамістаў - да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму - аднаго на 7, другога на 9 гадоў.

Іван Юрашчык, Еўрарадыё, Баранавічы