У Баранавічах глядач цыркавога шоў напаў на папугая (фота)
Для птушкі гэта псіхалагічная траўма, кажа яе дрэсіроўшчык.
У Баранавічах у часе прадстаўлення кіеўскага цырка-шапіто “Арэна” глядач напаў на папугая ара і выдраў яму пер’е з хваста. У фінале выступу птушку па мянушцы Клаўс выпусцілі праляцець па крузе арэны, але раптам мужчына, які сядзеў у ложы ля сцэны, ускочыў і схапіў папугая за хвост. У выніку птушка засталася без двух найдаўжэйшых пер’яў на хвасце.
Дрэсіроўшчык абураны: такое адбылося ўпершыню за ўвесь час яго працы ў цырку. Ён аб’ездзіў са сваім шоў усю Еўропу, а таксама быў у Кувейце і Ізраілі, але такі інцыдэнт здарыўся толькі ў Баранавічах.
Мужчына, які напаў на птушку, быў у цырку з дзіцем. Падчас прадстаўлення ён “сядзеў” у тэлефоне і толькі ў канцы праграмы звярнуў увагу на папугая, які пралятаў паўз яго. На заўвагу дрэсіроўшчыкаў мужчына сказаў толькі: “І што?”, забраў выдранае пер’е і сышоў.
Цыркавыя артысты ўпэўненыя, што такі інцыдэнт стаў псіхалагічнай траўмай для папугая, піша Intex-press.
