У Баранавічах міліцыя перашкаджала правядзенню акцыі памяці І. Казулінай

Правядзенню акцыі памяці Ірыны Казулінай у Баранавічах перашкодзілі міліцыянты. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Паводле яго словаў, спачатку каля 30 чалавек прыйшлі на цэнтральную плошчу горада. Аднак, як толькі яны дасталі партрэты Казулінай і спрабавалі запаліць свечкі, як з'явіліся восем міліцыянтаў.

Пра тое, што было далей, распавядае Мікалай Чарнавус:

"Старшына гаворыць: "Гэта мой участак, на маім участку свечкі ніхто не будзе паліць..." Пасля прыехаў падпалкоўнік, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў, сказаў, каб сыходзілі, ды пагражаў затрыманнем".

Міліцыянты параілі людзям ісці ў сквер да Крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць па ахвярах бальшавіцкага тэрору. Аднак калі ўдзельнікі акцыі памяці прыйшлі туды, запалілі свечкі і пачалі маліцца, зноў прыехалі міліцыянты і прымусілі прысутных разыйсціся.

Мікалай Чарнавус кажа, што затрыманняў не было дзякуючы таму, што людзі разыходзіліся вялікімі групамі.