У Баранавічах суд пакараў мужа і жонку за хлусню ў паказаннях

За хлусню ў паказаннях баранавіцкі суд прысудзіў штраф і папраўчыя працы мужу і жонцы.

Жанчына паведаміла ў міліцыю пра напад на яе ўвечары незнаёмага хлопца, які ўдарыў у твар і хацеў адабраць рэчы. Муж пацярпелай пацвердзіў гэтыя паказанні.

Міліцыянты папярэдзілі мужа і жонку, якія, дарэчы, былі на добрым падпітку, што, калі яны хлусяць, давядзецца за гэта адказваць. Так і атрымалася. Следчыя высветлілі, што ніякага нападу не было. Проста жанчына пасварылася з мужам і ён ударыў яе па твары.

Суд улічыў, што муж і жонка пакаяліся, што ў іх добрыя характарыстыкі з працы і яны выхоўваюць двух непаўналетніх дзяцей. Таму жанчыне далі штраф у памеры 961 тысячы рублёў, а мужчыне давядзецца адпрацаваць год на выпраўчых працах, ён будзе сплачваць дзяржаве 10% заробку.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Баранавічы