У Беларусі "замацуюць на месцах" спецыялістаў сельскай і лясной гаспадаркі

У Беларусі будуць больш рыхтаваць спецыялістаў для галінаў сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама аховы здароўя. Як паведаміў міністра адукацыі Аляксандр Радзькоў, сёлета будзе пашыраны мэтавы прыём у ВНУ на згаданыя спецыяльнасці.  Паводле яго словаў, гэта выклікана дэфіцытам кадраў у гэтых галінах і неабходнасцю "іх замацавання на месцах". Прыём па мэтавым накірунку будзе здзяйсняцца пасля заключэння абітурыентам дамовы з наймальнікам. У ёй пазначаецца тэрмін адпрацоўкі маладога спецыяліста, які мусіць быць большы за двухгадовы, - ад 3 да 5 гадоў і нават болей. "Гэта будзе індывідуальны падыход", - адзначыў Радзькоў.

Паводле слоў міністра, падобныя дамовы могуць заключаць і некаторыя студэнты-платнікі. За абавязацельства арганізацыі аплаціць навучанне студэнт пасля заканчэння ВНУ мусіць адпрацаваць у ёй вызначаную па дамове колькасць гадоў.

БелаПАН