У Бранску трэці год судзяць гомельскіх студэнтаў за забойства міліцыянта

У 2005 годзе ў Бранскай вобласці Расіі быў забіты старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах. У машыне міліцыянта пад сядзеннем кіроўцы спрацавала выбухное прыстасаванне. У здзяйсненні злачынства абвінавацілі двух грамадзянаў Беларусі, студэнтаў Гомельскага тэхнічнага універсітэта, паведамляе Брянск.ру. У студзені 2006 года калегія прысяжных вынесла вердыкт —вінаватыя па ўсіх пунктах.

Праз некалькі дзён суддзя вынес прысуд, згодна з якім адзін з беларусаў атрымаў пажыццёвы тэрмін зняволення. Прыгавор быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе Расіі і скасаваны з прычыны працэсуальных парушэнняў.

Новая калегія прысяжных, сфармаваная ў ліпені 2007 года, павінна была вынесці вердыкт 27 снежня 2007 года, але па хадайніцтве пракуратуры была распушчаная. Цяпер плануецца трэцяе фармаванне калегіі прысяжных і новы разгляд справы.