У Брэсце афіцыйныя літаратары прэзентавалі зборнік "нячэсных" паэтаў

Як паведаміў Еўрарадыё паэт-пчаляр  з-пад Пружанаў Мікола Папека, у Брэсце прайшла прэзэнтацыя зборніка вершаў “Трохперсце”.  Пад адной вокладкай аб’ядналіся два жывыя і адзін спачылы аўтары з Берасцейшчыны — Мікола Пракаповіч, Алесь Каско і Міхась Рудкоўскі. Рэдагавалі іх, адпаведна, Ніна Мацяш, кіраўнічка абласной філіі “няправільнага” Саюза беларускіх пісьменнікаў, і Леанід Галубовіч ды Алесь Карлюкевіч (першы з іх рэдактар, а другі — кіраўнік выдавецкага холдынгу  “Літаратура і Мастацтва”, вядомага тым, што актыўна прасоўвае ў масы творы аўтараў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі).

Кнігу ўжо можна набыць у дзяржгандлі. Праўда, яе кошт больш за дваццаць тысяч, але на прэзентацыях кніжка прадаецца без гандлёвых “накрутак” — прыкладна на траціну танней.

Варта адзначыць, што на прэзентацыю прыехалі мінскія чальцы СПБ, якія спрычыніліся да выдання “не сваёй” літпрадукцыі. Аднак не было Анатоля Крэйдзіча — кіраўніка мясцовага аддзялення СПБ.