У Брэсце не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты трох дэмактывістаў

У гарадскім выбаркаме 20 лютага скончылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. За 40 дэпутацкіх месцаў у Брэсцкім гарсавеце будзе змагацца 121 чалавек.



Са словаў незалежнага назіральніка і праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, тром прэтэндэнтам было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за недакладнасці звестак у дэкларацыях. Усе яны з'яўляюцца прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці Брэста.



Вялічкін: "Падставай для нерэгістрацыі было тое, што ў двух з іх (Янчылін і Філіпавец. — Еўрарадыё) прыбытак перабольшваў больш чым на 20% памер сумы, пададзенай у дэкларацыі. Ну, і аднаму (Генадзь Ігумны. — Еўрарадыё) адмовілі ў рэгістрацыі на той падставе, што ён нібыта не ўказаў наяўнасць лецішча ў Маларыцкім раёне".



Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік Брэсцкай абласной філіі БСДП Ігар Маслоўскі, сябар іх партыі Генадзь Ігумны прадаў свой зямельны ўчастак яшчэ некалькі гадоў таму. З гэтай нагоды актывісты плануюць абскардзіць рашэнне камісіі ў вышэйшай інстанцыі.