У Брэсце прайшоў фальклорны тур святкавання Дня роднай мовы
У суботу 19 лютага ў Выставачнай залі на вуліцы Савецкай прайшоў канцэрт фальклорных гуртоў, прысвечаны міжнароднаму Дню роднай мовы.
Выступілі брэсцкі гурт “Купавушка” з мясцовага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы і гурт “Ветах” з Беларускага ўніверсітэта культуры.
Адна з вядоўцаў свята, дырэктар грамадскага культурна-палітычнага цэнтра Святлана Коржук патлумачыла:
— Скажу як ёсць, што трэба падзякаваць за гэтае свята Зміцеру Назараву. Тыдні са два таму падышоў да мяне малады чалавек, вялікі аматар беларускай мовы, і прапанаваў зладзіць свята. Я сказала, што ў маіх планах гэта толькі налета, але калі ёсць рэальныя прапановы… Так што гэта першая ластаўка, і я ёю задаволена.


Гасцей прыйшло чалавек сто. Бел-чырвона-белыя строі “Купавушкі” і мова спеваў гарманіравалі з неблагімі карцінамі — у залі ідзе юбілейная выстава мастакоў Брэстчыны.
Гурт “Ветах” выступаў інтэрактыўна, залучаючы гледачоў у скокі, полькі, а напрыканцы зладзіў агульны карагод.
Арганізатар свята Зміцер Назараў сказаў:
— Мая актыўная беларускасць пачалася ад брэсцкага гурта “Сцяна”. Я і раней адносіў сябе да беларусаў, паважаў мову, традыцыі, культуру. Але калі пачаў займацца арганізацыяй імпрэзаў “Сцяны”, — а гэта беларускамоўны гурт, — гэта запатрабавала новага ўзроўню. І я падумаў: а чаму б не ладзіць такія праграмы і для іншых гуртоў.
Зміцер сказаў, што з ініцыятывы жонкі, якая пасля заканчэння ўніверсітэта культуры пераехала ў Брэст, тут ужо ўтварыўся новы фальклорны гурт.