У Брэсце сям’ю з 13 дзецьмі пазбавілі ільготаў па камунальных выплатах

Пра гэта паведамілі ў жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным прадпрыемстве Брэста. Сям’я пражывае ў асабняку плошчай больш за 200 квадратных метраў. Згодна з Пастановай Савета Міністраў №639 ад 28 кастрычніка 2010 года, уладальнікі такіх дамоў абавязаныя аплочваць 100% кошту камунальных паслуг.

Супрацоўніца ЖРЭУ: "Да нас у гэты спіс трапілі і адзінокія пенсіянеры, у каго няма блізкіх сваякоў, і шматдзетныя сем’і. У адной дык 13 дзяцей. У Пастанове Савета Міністраў так напісана (а мы абавязаныя карыстацца нарматыўным дакументам!), што практычна ўраўнавалі ўладальнікаў новых, прыгожых дамоў плошчай у 300–400 квадратных метраў і тых, у каго дамы 200 квадратных метраў, незалежна ад тэхнічнага стану дома".

Па словах супрацоўніцы, Міністэрства камунальнай гаспадаркі звярталася ў Савет Міністраў. Камунальнікі прапаноўвалі вызваліць ад павышэння аплаты камунальных паслуг у вялікіх дамах асобныя катэгорыі грамадзянаў, у тым ліку і названыя ёю. Але ў Саўміне прапанову адхілілі.