У Ельскім раёне нельга хадзіць у лес праз пажары і расійскіх вайскоўцаў
Еўрарадыё
З 1 красавіка Ельскі лясгас забараніў наведваць лясы — і пешшу, і на транспарце. Увесну гэта звычайная справа: пасля таго, як сыходзіць снег, у лясах часцяком суха і вельмі высокая рызыка пажару. Таму да стабілізацыі надвор'я хадзіць туды забаронена ўсім, акрамя супрацоўнікаў лясгасаў і арганізацый, якія займаюцца нарыхтоўкай драўніны.
Часам такія забароны ўводзяць ці не на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Але цяперашняя вясна — не той выпадак. У многіх лясах цяпер ляжыць снег. Таму забарона выглядае прынамсі дзіўна. Хіба што ў яе ёсць іншыя прычыны. Да прыкладу, расійскія вайскоўцы, якіх можна сустрэць у тых месцах. Бо Ельскі раён мяжуе з Украінай.
Мы патэлефанавалі ў лясгас і спыталі, з чым жа ўсё ж такі звязаныя абмежаванні.
— Забаранілі таму, што пачалі гарэць, — растлумачылі ва ўстанове.
— А чаму яны пачалі гарэць, калі ў лясах яшчэ снег?
— Дзе снег? Учора быў. А сёння няма.
— Але забарону ўвялі з 1 красавіка.
— Але тут яшчэ не толькі гэтыя моманты, але і іншыя. Пажадана не наведваць лясы. Па мяжы з нашым суседам бегаюць. Але мы пра гэта не гаворым.
У лясгасе нам пацвердзілі, што беларусы не могуць хадзіць у лес праз тое, што там знаходзяцца расійскія войскі.